Першы верш Аляксея Зарыцкага у бабруйскай акруговай газеце "Камуніст” быў надрукаваны ў 1927 годзе, а праз 5 год, у 1932 г. з’явіўся ў свет першы зборнік паэта – "Эпічныя фрагменты”. Далей іх будзе яшчэ 11 і 2 зборы твораў у 2-х тамах (1981, 1994 гг.). Па словах крытыкаў, паэт умеў бачыць прыгажосць роднай прыроды, але найбольш яму ўдаваўся філасофскі, разважлівы верш. Апавядальнасць, стрыманасць у выяўленні пачуццяў, лірызм, уменне раскрыць філасофскі сэнс у звычайных з’явах – асноўныя рысы паэзіі Аляксея Зарыцкага. Найбольш уласцівы паэту былі жанры эпічнай паэзіі, сюжэтна-лірычныя вершы, блізкія да балады.
Спрабаваў свае сілы Алесь Зарыцкі і ў крытыцы (кніга ўспамінаў і літаратурна-крытычных артыкулаў "За словам-падарункам” (1985)), і ў прозе (зборнік апавяданняў "Вересковый мёд” (1965)), але "найцікавейшай” кнігай пісьменніка крытыкі назавуць зборнік перакладаў "У свет да песні” (1979). У яго ўключаны творы 61 паэта, якія пісалі на 13 мовах свету. Перакладчыцкай дзейнасцю Аляксей Зарыцкі пачаў займацца напачатку 30-х гг. ХХ ст. Перакладаў з рускай, украінскай, літоўскай, польскай, нямецкай, лужыцка-сербскай і іншых моваў. Асобнымі кнігамі выходзілі пераклады паэмы "Поры года” К. Данелайціса (1961, 1983), "Казкі і легенды” А. Туманяна (1958), балады "Свіцязянка” А. Міцкевіча.