Свет шчодры. Свет мяне паўторыць...

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (1930 – 1984) – адна з самых яркіх постацей беларускай літаратуры ХХ стагоддзя – паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і кінасцэнарыст. Высокім інтэлектам, энцыклапедычнай дасведчанасцю, багатай фантазіяй, выключнай інтуіцыяй і патрыятызмам пазначана ўся самабытная і непаўторная творчасць, разнастайная грамадская, культурна-асветніцкая дзейнасць пісьменніка.
Уладзімір Караткевіч з’яўляўся выдатным мастацкім летапісцам беларускай гісторыі. Ён быў нястомным Падарожнікам, шмат вандраваў па розных мясцінах нашай краіны. Але галоўным падарожжам пісьменніка было вандраванне ў гісторыю Беларусі. Экспазіцыя дазваляе перагарнуць старонкі нашай мінуўшчыны, пачынаючы з ХVІ стагоддзя і да другой паловы ХХ стагоддзя, праз мастацкія вобразы твораў пісьменніка.
На выставе прадстаўлены рукапісы, лісты, экслібрысы, кнігі з аўтографамі, фотаздымкі, асабістыя рэчы Уладзіміра Караткевіча. Большасць матэрыялаў былі перададзены ў музей ў 1990-я гг. сястрой пісьменніка Наталляй Кучкоўскай. На выставе ўпершыню дэманструюцца ўнікальныя матэрыялы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, прыватных архіваў Анатоля Вераб’я, Адама Мальдзіса, Веры Міцкевіч, пляменніцы пісьменніка Алены Сінькевіч.





|