19 студзеня ў Дзяржаўным музеі
гісторыі беларускай літаратуры адбылося чарговае творчае пасяджэнне паэтычных
клубаў "Пегас” і "Жнівень” прадпрыемстваў ЗАТ "Атлант”.
Членаў гэтых клубаў – людзей
рознага ўзросту, адукацыі – аб’ядноўвае прыхільнасць да высокага паэтычнага
Слова і Вобраза, імкненне раскрыць свае перажыванні і пачуцці праз выкарыстанне
мастацкіх сродкаў. Цэнтральная тэма творчасці паэтаў – Любоў, да роднай зямлі,
блізкіх людзей, свайго прадпрыемства.
На працягу некалькіх гадоў
прафкамам выдадзены 4 зборнікі вершаў пад агульнай назвай
"Сопричастность-прыналежнасць”. Паэтычныя выданні, якія выйшлі ў свет, сталі
сапраўднай культурнай падзеяй для ўсяго шматтысячнага калектыву завода.
Шматлікія вершы ўдзельнікаў
клубаў друкаваліся на старонках газет, гучалі у перадачах беларускага радыё і
тэлебачання, былі пакладзены на музыку і сталі песнямі.
Добрай традыцыяй правядзення пасяджэнняў стала
запрашэнне да ўдзелу ў мерапрыемстве знакамітых беларускіх пісьменнікаў, чые
імёны шырока вядомыя прыхільнікам роднай літаратуры. У гэты раз гасцямі вечара
сталі паэты Л.Дранько-Майсюк і Э.Акулін, якія падзяліліся з членамі паэтычных
клубаў сваімі творчымі здабыткамі і планамі.